помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1898—1904 з цэглы арх. А.Гойбелем у цэнтр. частцы горада на правым беразе р. Мядзелка, на тэр. былога францысканскага кляштара, заснаванага ў 1617 на сродкі С. і Г. Сянкевічаў-Бяганскіх. У гады 1-й сусв. вайны моцна пашкоджаны, знішчаны арган, гал. алтар, амбон (абодва готыка). У 1920-я г. адбудаваны. Касцёл — крыжападобны ў плане храм з 5-граннай апсідай. Асн. аб’ём накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Шмат’ярусная вежа (выш. каля 100 м) завершана шатровым дахам. Бакавыя фасады прарэзаны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ўмацаваны ступеньчатымі контрфорсамі. Уваходы аформлены 3 стральчатымі парталамі. У 1988 касцёл адрамантаваны, дзейнічае.